“Мова Нанова” падняла тэму самаідэнтыфікацыі



Гарадзенскія курсы „Мовы Нанова” паднялі тэму самаідэнтыфікацыі. Госцем сустрэчы быў самы адметны беларус, які выдзяляецца ў музычнай прасторы краіны – госць з Менску, лідар гурта „Рэха”, тэлевядучы Андрусь Такінданг. Музыка выканаў некалькі песень і распавёў прысутным гарадзенцам пра тое, кім ён сябе адчувае:

– Калі казаць пра нацыянальнасць, альбо пра прыналежнасць да нейкай культуры, народа, то беларускі народ і культура, бо найбольш камфортна адчуваю сябе ў нашай культуры. Прыехаў з Уроцлава, вядома, што гэта нашы браты, сваякі, але ўсё адно з вялікай радасцю прыехаў дамоў у Беларусь. З усіх падобных рысаў вядома ёсць нешта адметнае, што нас вылучае, робіць нас адным народам, мне нават цяжка акрэсліць, што гэта, але з усіх вандровак вяртаюся ў Беларусь як дамоў.

Па словах музыкі, гурт „Рэха” шукае пляцоўку, каб выступіць у Гародні. Гарадзенская „Мова Нанова” запрашае на свае сустрэчы ў кожны панядзелак. Хто стане чарговым госцем курсаў, арганізатары пакуль не паведамляюць.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня