Мова Нанова цяпер і ў Таронта



7 лістапада 2015 года ў Таронта Мова Нанова пры падтрымцы Згуртавання Беларусаў Канады пачала свой першы сезон інтэрактыўных заняткаў беларускай мовы.

Журналіст Глеб Лабадзенка і філолаг Алеся Літвіноўская, заснавальнікі курсаў Мова Нанова ў Беларусі, прывіталі ўдзельнікаў Мовы Нанова ў Таронта праз загадзя запісаны відэа-зварот, бо розніца ў часе не дазволіла зрабіць гэта онлайн. У Беларусі ў гэты час была акурат ноч.

[youtube id=”mIqBz7UbIZM”]

Граматычны блок прадставіў старшыня Згуртавання Беларусаў Канады, лінгвіст Зміцер Эльяшэвіч.

Тэмай першых заняткаў сталася “Здаровае харчаванне”. Доктар малекулярнай біялогіі Алена Лявончанка падрыхтавала прэзентацыю, наўзвочна прадэманстравала хімічныя працэсы, якія адбываюцца ў нашым арганізме падчас стрававання, і як карысная і некарысная ежа ўплывае на нашае здароўе.

Нягледзячы на глыбокую ноч па беларускім часе, жывы голас з Беларусі ўсё ж такі быў пачуты. Скайп-госць з Беларусі, дацэнт Медычнага ўніверсітэта Віталь Кошалеў цярпліва чакаў відэазлучэння з Таронта і з задавальненнем адказаў на пытанні ўдзельнікаў мерапрыемства пасля сваёй прэзентацыі пра здаровае харчаванне.

Госць тэматычнага блоку – сямейны лекар Юлія Барыла, якая практыкуе ў Таронта, таксама адказала на пытанні, што хвалявалі ўдзельнікаў Мова Нанова ў Таронта.

Працягам музычнага блоку выступаў беларускі фольк-гурт з Таронта “Яваровы людзі”. Слухачы разам з гуртом спявалі песні й гралі на музычных інструментах.

Ірына Тоўсцік, вядучая і адна з ініцыятараў Мова Нанова ў Таронта, пра курсы: “Атрымалася такая ўтульная, цікавая, займальная й пазнавальная сустрэча. Хочацца адзначыць, што Мова Нанова ў Таронта – гэта не толькі вывучэнне мовы й культуры Беларусі, гэта таксама яднанне, наладжванне сувязяў (networking) сярод беларусаў Таронта. Для дзетак у нас былі арганізаваныя столікі з алоўкамі, маляванкамі і самаробкамі, каб бацькі, якім няма з кім пакінуць дзетак, таксама мелі магчымасць паўдзельнічаць у нашых занятках. Мы шчыра запрашаем усіх зацікаўленых беларусаў на нашыя наступныя сустрэчы. Заняткі будуць адбывацца раз на месяц у будынку Беларускага Грамадска-рэлігійнага Цэнтру Таронта 524 St.Clarens Ave. Toronto M6H 3W7 Canada.

Расклад наступных заняткаў Мова Нанова ў Таронта на 2015-2016

– 12 снежня 2015 Тэма: Каляды

– 24 студзеня 2016 Тэма: Беларускія стравы

– 28 лютага 2016 Тэма: Масленіца

– 12 сакавіка 2016 Тэма: Вясна

– 16 красавіка 2016 Тэма: Вялікдзень

– 7 траўня 2016 Выпускны