Мова Нанова ў Гародні пераехала на новы адрас



Гарадзенскія аматары роднага слова, якія штотыдзень збіраюцца на курсах „Мова Нанова” пераехалі на новы адрас. У культурнай прасторы „Партал” курсанты адзначылі свае „Уваходзіны”. Акурат заняткі на новым месцы пачаліся ў міжнародны дзень роднае мовы.

Кажа Вераніка Комар, вядоўца курсаў.

Мы вельмі радыя і шчаслівыя, што пераехалі ў новую аўдыторыю. Сёння мы перарэзалі чырвоную стужку і спадзяваемся, што нам тут будзе весела, камфортна, утульна, што сюды, акрамя студэнтаў, якія ходзяць кожныя заняткі да нас, з’явяцца яшчэ і новыя слухачы, але мы адначасова вельмі ўдзячныя і Трэцяму сектару за тое, што ў нам некалькі гадоў была магчымасць месціцца ў іх. Мы думаем, што перамены заўсёды да лепшага.

Заняткі былі прысвечаны тэме беларускага бізнесу, з вялікай доляй інтэрактыву, конкурсаў, і канешне ўзнагародай пераможцаў розных конкурсаў. Адмысловым госцем быў юрыст Ігар Случак, адзін з распрацоўшчыкаў сайту „Свае”. Ён расказаў пра сайт і задачы, якія ён ставіць:

Гэта першы сайт-каталог, у якім прадстаўлены беларускамоўныя бізнес і паслугі, дзе кожны беларускамоўны можа зайсці на сайт і даведацца, дзе атрымаць абслугоўванне па-беларуску. У мяне была падвойная нагода: я пабываў у Гародні 21 лютага, у Дзень Роднай мовы, а таксама, літаральна ўчора, я апублікаваў рэйтынг беларускамоўных спартовых клубаў, які складаю штогод і гарадзенскі клуб «Нёман» атрымаў першае месца, стаўны найбольш беларускамоўным спартовым клубам Беларусі.

На курсах „Мова наНова” Ігар Случак уручыў прадстаўніку футбольнага клуба „Нёман” адмысловы дыплом. Наступныя заняткі гэтых моўных курсаў пройдуць у наступную сераду а 19-00 гадзіне і будзе прысвечаны нацыянальнаму герою Беларусі – Кастусю Каліноўскаму.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя