„Мове Нанова” ў Гародні – 5 год



Курсы беларускай мовы „Мова Нанова Гародня” адсвяткавалі сваё 5-годдзе канцэртам і квестам.

Пра 5-годдзе курсаў распавядае вядоўца Эмілія Гаўрус:

– За гэтыя пяць гадоў мы прайшлі шмат вельмі цікавых тэмаў – лексічных, граматычных. Чаго тут толькі не было, вяселлі мы ладзілі, розныя інтэрактывы, гульні, розныя фарматы спрабавалі, шмат экскурсій правялі. Выдатнае свята, файна, што столькі сяброў з’явілася. Ёсць людзі, якія ходзяць усе гэтыя пяць гадоў, хтосьці прыходзіць трошкі радзей. Мне здаецца, што гэта цудоўная, файная сяброўская атмасфера, людзі таксама шчыра разам з намі радуюцца, што „Мове нанова” пяць гадоў – гэта неверагодна.

Па словах Піта Паўлава, які выступіў на курсах, гарадзенскія курсы адны з найлепшых:

Мне вельмі падабаецца вось гэтае месца, вельмі падабаецца. Зроблена лепей, чым можна сабе ўявіць. Месца, аздабленне і варункі, яны больш разняволеныя, чым у некаторых месцах, і больш натуральнае. Мне вельмі спадабалася менавіта гарадзенская „Мова Нанова”, калі параўноўваць. Я быў на дзесяці розных, таму магу параўноўваць.

Святкаванне скончылася аўтограф-сесіяй Піта Паўлава і салодкім пачастункам. Чарговыя курсы „Мова Нанова” адбудуцца  ў красавіку.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня