“Мову нанова” ў Гародні прысвяцілі рэпартажу



Занятак гарадзенскіх курсаў “Мова нанова” меў назву “Рэпартаж”, і госцем на курсах быў “самы хуткі” гарадзенскі журналіст Руслан Кулевіч. За год ён паспявае напісаць каля 1000 артыкулаў і аб’ехаць па горадзе каля 11 тысяч кіламетраў за сваімі навінамі на ровары

У чым адметнасць яго працы – распавёў сам Руслан Кулевіч:

Я працую, бо мне гэта падабаецца. Мне падабаецца нешта новае пазнаваць кожны дзень, размаўляць з людзьмі. Я не ведаю, што ў мяне будзе заўтра, паслязаўтра. Я выязджаю на сваім ровары кожны дзень, і для мяне кожны дзень, як новы дзень. Ёсць нейкія запланаваныя тэмы, але я кожны дзень выязджаю па сваім запланаваным маршруце па горадзе, сустракаю людзей, якія расказваюць мне, што і дзе адбылася. Шмат людзей звяртаецца з праблемамі, просьбай дапамагчы, расказаць пра нешта новае, што адчынілі ў горадзе.

Для гарадзенца Віталя Будзько сустрэча з Русланам Кулевічам – гэта як знак пашаны аднаму з лепшых журналістаў Гародні:

– Заўсёды, калі я выбіраюся ў горад, у цэнтр, я абавязкова яго сустрэну на ровары. Я ўпэўнены, што ніводная гарадзенская навіна, ніводная падзея не пройдзе міма яго. Я ўвогуле лічу, што калі Руслан пра нешта не напісаў, то значыць гэтага не было ці яно было нецікавым.

На дадзены момант Руслан Кулевіч з’яўляецца журналістам гарадзенскай старонкі hrodna.life, і на сустрэчы ён паказаў гарадзенцам свае лепшыя матэрыялы за апошнія некалькі гадоў. 23 кастрычніка госцем на курсах «Мова нанова» ў Гародні будзе прафесар, гісторык Алесь Краўцэвіч.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня