Мурад Амрыеў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе



Чэмпіён свету па змешаных адзінаборствах, грамадзянін Расеі, ураджэнец Чачні Мурад Амрыеў, дастаўлены з Беларусі ў Грозны (Чачэнская Рэспубліка), сённяшняй ноччу вызвалены з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе.

„Адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Яго сустрэлі сястра і сябар бацькі”, — паведамілі ТАСС у прэс-службе МУС па Чачэнскай Рэспубліцы. Чакаецца, што ў суботу, 10 чэрвеня, у Грозным пройдзе прэс-канферэнцыя, у якой прыме ўдзел Мурад Амрыеў.

Тым часам сваю заклапочанасць з нагоды бяспекі Мурада Амрыева выказалі США.

„Мы вельмі непакоімся за бяспеку і дабрабыт Мурада Амрыева, расійскага спартсмена з Чачні, які, як паведамляецца, быў затрыманы беларускімі ўладамі і дастаўлены ў Расею, дзе ён можа апынуцца пад вартай”, — гаворыцца ў заяве Дзярждэпартамента ЗША. „Амрыеў, як адзначалася, выказваў апасенні ў сувязі з магчымымі катаваннямі і парушэннямі правоў у Чачні”, — адзначаецца ў дакуменце.

Дзярждэпартамэнт лічыць, што РФ неабходна „забяспечыць Амрыеву доступ да адваката, гарантаваць павагу яго правоў у адпаведнасці з Канстытуцыяй і законамі Расіі”, а таксама міжнароднымі прававымі нормамі.

Расейскі спартсмен апошнім часам жыў у Кіеве, выступаючы на міжнародных спаборніцтвах пад украінскім сцягам. 4 чэрвеня ён адправіўся ў Маскву па новую візу, але на мяжы Расеі і Украіны быў затрыманы. Аказалася, што Амрыеў знаходзіцца ў федэральным вышуку за выкарыстанне падробленых дакументаў. Аднак паводле даных расійскай грамадскай арганізацыі „Камітэт па прадухіленні катаванняў”, нагодай для гэтага стала памылка друку ў яго пашпарце.

4 чэрвеня спартсмен быў зняты з цягніка і затрыманы паліцэйскімі ў Бранскай вобласці. У Бранск нібыта прыбыла група захопу з Чачні, якая павінна былі этапаваць Амрыева ў гэту рэспубліку. Будынак бранскай пракуратуры быў блакіраваны, як мяркуецца, супрацоўнікамі чачэнскіх праваахоўных органаў, аднак спартсмен здолеў з яго выйсці і збегчы.

7 чэрвеня Амрыеў быў затрыманы беларускімі памежнікамі ў пункце пропуску „Весялоўка” пры спробе выезду на аўтамабілі „Таёта” з Беларусі ва Украіну, пасля чаго перададзены супрацоўнікам Добрушскага РАУС.

Увечары 8 чэрвеня Амрыева перадалі расейскаму боку. Абставіны перадачы ва УУС Гомельскага аблвыканкама не каментуюць.

Паводле звестак расейскай „Новай газеты”, у 2013 годзе Амрыеў расказаў праваабаронцам пра катаванні, якія ён зведаў у адным з аддзяленняў МУС Грознага. Паводле слоў спартсмена, такім чынам паліцэйскія спрабавалі прымусіць яго старэйшага брата вярнуцца з Германіі ў Чачню.

belapan.by