МУС больш не будзе размяшчаць інфармацыю пра колькасць вернікаў



Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі больш не будзе размяшчаць інфармацыю пра колькасць вернікаў на набажэнствах на Божае Нараджэнне. Такім чынам МУС адказаў на адкрыты ліст кіраўніка Беларускай каталіцкай царквы.

міліцыя

27 снежня мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выказаў незадаволенасць тым, што ў апошнія гады міліцыя штучна заніжае статыстыку па колькасці беларускіх вернікаў, якія ўдзельнічаюць у набажэнствах на Божае Нараджэнне і Вялікдзень. Свае прэтэнзіі каталіцкі іерарх выказаў у адкрытым лісце ў адрас міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча.

Кіраўнік беларускага касцёла паведамляў, што ў гэтым годзе начныя службы на Божае Нараджэнне ў Мінску наведала каля 11 тысяч чалавек, у Гродне — каля 13 тысяч, Лідзе — каля 6 тысяч. „Гэта значыць у трох гарадах прысутнічала 75% ад прадстаўленых МУС дадзеных. А колькі было ў іншых гарадах, напрыклад Ашмянах, Ваўкавыску, Браславе, Паставах, Глыбокім, Баранавічах, Брэсце і іншых?” — адзначалася ў адкрытым лісце Кандрусевіча.

На начных і дзённых набажэнствах на Божае Нараджэнне ў Мінску ў гэтым годзе, паводле дадзеных арцыбіскупа, прысутнічала каля 32 тысяч чалавек, у Гродне — каля 40 тысяч, у Лідзе — каля 20 тысяч. „Таму рэальная колькасць людзей, якія ўдзельнічалі ў святочных набажэнствах па ўсёй Беларусі, у шмат разоў большая, чым пададзена на сайце МУС”, — заяўляў кіраўнік касцёла.

У адказе МУС гаворыцца: „Паводле дадзеных Міністэрства ўнутраных спраў, у святочных набажэнствах 24—25 снежня 2016 года на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь узяло ўдзел больш за 113 тысяч чалавек. Разам з тым неабходна адзначыць, што для Міністэрства ўнутраных спраў колькасць грамадзян, якія бяруць удзел у масавых мерапрыемствах, мае значэнне выключна з пазіцыі расстаноўкі неабходнай колькасці сіл і сродкаў. Наша галоўная задача — арганізацыя грамадскай бяспекі”.

У міністэрстве таксама паведамілі, што інфармацыя, якая размяшчаецца ў раздзеле „Зводка” на сайце МУС, не носіць афіцыйнага характару і, як правіла, патрабуе дадатковых удакладненняў. „Ажыццяўляць падлік, фарміраваць і паведамляць афіцыйную статыстыку грамадзян, якія наведалі набажэнствы, не з`яўляецца абавязковай для МУС функцыяй. Таксама варта звярнуць увагу, што размешчаная на сайце МУС інфармацыя тычыцца выключна начных набажэнстваў у храмах у ноч з 24 на 25 снежня 2016 года, што не можа расцэньвацца як агульная колькасць вернікаў, якія ўзялі ўдзел у святкаванні каталіцкага Раства”, — гаворыцца ў паведамленні.

„У мэтах прадухілення ў будучыні некарэктных маніпуляцый з інфармацыяй, якая размяшчаецца на сайце МУС, звесткі пра колькасць грамадзян, што ўдзельнічаюць у святкаванні рэлігійных падзей, будуць выкарыстоўвацца выключна ў службовых мэтах без размяшчэння ў адкрытым доступе. Падлік вернікаў і распаўсюджванне гэтай інфармацыі могуць ажыццяўляць іншыя зацікаўленыя, у тым ліку Рымска-каталіцкая царква ў Беларусі. На гэты момант інфармацыя аб колькасці ўдзельнікаў набажэнстваў у ноч з 24 на 25 снежня 2016 года з сайта МУС выдалена”, — паведамляе міліцэйскае ведамства.

belapan.by