МУС гатова блакаваць інтэрнэт-рэсурсы ў выпадку пагрозы нацбяспецы



МУС можа „эфектыўна блакаваць” інтэрнэт-рэсурсы ў выпадку пагрозы нацыянальнай бяспецы, заявіў намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч 13 ліпеня падчас анлайн-брыфінгу ў адказ на просьбу пракаментаваць расейскі вопыт блакавання „Тэлеграма”.

„Мая асабістая думка: з тэхнічнага пункту гледжання нельга, а з інфармацыйнага пункту гледжання проста глупства блакаваць не толькі тэлеграм-каналы, але і якія-небудзь рэсурсы. Таму што інтэрнэт нельга забараніць, як нельга забараніць паветра”, — сказаў Казакевіч.

У той жа час, дадаў ён, „у выпадку пагрозы нацыянальнай бяспецы, у выпадку пагрозы распаўсюджвання любой дэструктыўнай інфармацыі, няхай гэта будзе кірунак наркапагрозы альбо іншыя кірункі, мы можам эфектыўна блакаваць доступ карыстальнікаў нацыянальнага сегмента да гэтых рэсурсаў”.

Ён зазначыў, што „ў гэтым годзе перадвыбарная кампанія адбываецца ва ўмовах нябачанага інфармацыйнага націску, маніпулявання грамадскай думкай, дыскрэдытацыі органаў улады і кіравання”.

„Для стварэння негатыўных інфармацыйных падстаў, для запалохвання людзей, якія падтрымліваюць дзяржаву, для пастаяннага ўкідвання фэйкавых навін, што распальваюць незадаволенасць грамадзян, шырока выкарыстоўваюцца інтэрнэт-рэсурсы, — сказаў ён. — Менавіта дзякуючы інтэрнэту такія працэсы атрымалі дадатковыя перавагі. Перш за ўсё, гэта высокая хуткасць і мабільнасць перадачы інфармацыі. Іншымі словамі, вы можаце знаходзіцца ў любым месцы і даваць свае каментары, выказваць адносіны да падзей або асобаў”.

Паводле слоў Казакевіча, інтэрнэт дае „патэнцыйна вялізныя маштабы аўдыторыі, магчымасць звярнуцца да неабмежаванага кола асоб”. „Плюс да гэтага — уяўная ананімнасць зваротаў, здольнасць хутка і эфектыўна кантактаваць з аўдыторыяй без якіх-небудзь значных матэрыяльных выдаткаў, — дадаў намеснік міністра. — Падрыхтоўка чарговых незаконных акцый і вярбоўка новых прыхільнікаў ажыццяўляецца з дапамогай спецыялізаваных інтэрнэт-рэсурсаў, закрытых груп у інтэрнэт-мэсэнджарах, перш за ўсё ў „Вайберы”, „Тэлеграме” і гэтак далей. Найбольш адыёзныя, радыкальна настроеныя асобы вядуць персанальныя відэаблогі і паблік-чаты ў такіх інтэрнэт-рэсурсах, як YouTube, „Фэйсбук”, „УКантакце”.

„Тое, што адбываецца ў краіне, — заявіў Казакевіч, — з`яўляецца часткай паліттэхналогій, накіраваных на дасягненне адной простай мэты — расхістаць і дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне. Элементам такой тэхналогіі з`яўляецца негатыўнае ўздзеянне ў інфармацыйным полі з мэтай падрыву аўтарытэту органаў улады і кіравання, ачарнення канкрэтных службовых асоб, грамадскіх дзеячаў, супрацоўнікаў праваахоўных органаў, пагроз і абраз у іх адрас”.

Паводле слоў чыноўніка, задачы такіх дзеянняў „простыя і зразумелыя”. „З аднаго боку, спарадзіць недавер і непрыязнасць, а ў канчатковым выніку — нянавісць грамадзян да існуючага дзяржаўнага ладу, асабліва да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і ваеннаслужачых унутраных войскаў. З іншага боку, стаіць задача расхістаць свядомасць саміх супрацоўнікаў, каб у канчатковым выніку пасеяць у іх няўпэўненасць, спарадзіць страх, немагчымасць або нежаданне выконваць прынятае на сябе абавязацельства па ахове грамадскага парадку і барацьбе са злачыннасцю”, — мяркуе Казакевіч.

belapan.by

Фота zviazda.by