МУС і СК прапануюць заводзіць крыміналку, калі прызыўнік выехаў з краіны



Учора на выязным пашыраным пасяджэнні Савета Рэспублікі намеснік міністра ўнутраных спраў Юрый Назаранка распавёў, што МУС і Следчы камітэт прапануюць магчымасць узбуджаць крымінальную справу ў выпадку адсутнасці прызыўніка ў Беларусі, каб атрымліваць садзейнічанне органаў у іншых краінах. Аб гэтым піша «Анлайнер» са спасылкай на БЕЛТА.

Часова выконваючы абавязкі міністра ўнутраных спраў і намеснік міністра ўнутраных спраў Юрый Назаранка распавёў, што ў гэтым годзе ад ваенных камісараў у органы ўнутраных спраў паступіла каля пяці тысяч зваротаў па ўхіленні і тры тысячы — аб прыводзе прызыўнікоў па адміністрацыйнай справе.

Па словах Назаранкі, МУС і Следчым камітэтам прапрацавана прапанова пра магчымасць узбуджаць крымінальную справу ў выпадку адсутнасці прызыўніка ў краіне, каб, выконваючы Крымінальна-працэсуальны кодэкс, мець магчымасць атрымліваць садзейнічанне органаў у іншых краінах.

Калі ў маладога чалавека апынецца аб’ектыўная прычына для адтэрміноўкі, крымінальная справа не будзе мець працягу, сказаў намеснік міністра ўнутраных спраў.