МУС не плануе масавага звальнення міліцыянтаў



Масавага звальнення супрацоўнікаў міліцыі пасля праверкі іх на дэтэктары хлусні не будзе, заявіў журналістам у Палаце прадстаўнікоў 13 снежня міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч.

«Ніякіх масавых звальненняў альбо яшчэ чаго-небудзь масавага не прадугледжваецца і быць не можа. Вы ведаеце, што асноўная ідэалогія ўсіх зменаў у МУС, — гэта эвалюцыя, а не рэвалюцыя. Таму нічога масавага адбывацца не будзе, будзе планава адбывацца ачышчэнне шэрагаў ад супрацоўнікаў, якія не павінны ў нас знаходзіцца», — сказаў кіраўнік МУС.

«Гэтая ідэалогія ці палітыка няўхільна выконваецца намі і будзе выконвацца, ну а колькасць або масавасць працэсу будзе залежаць ад вынікаў гэтых праверак», — дадаў Шуневіч.

На пытанне, ці гатовы ён сам прайсці праверку на паліграфе, калі ў яго скончыцца працоўны кантракт, міністр адказаў: «З якой мэтай? Калі палічыць працадаўца неабходным, то прайду».

1 снежня ў інтэрв’ю праграме «Буйным планам» тэлеканала «Беларусь 1» Шуневіч заявіў, што супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі масава не праходзяць праверкі на паліграфе, арганізаваную кіраўніцтвам МУС пасля смяротнага ДТЗ, учыненага выканаўцам абавязкаў начальніка баранавіцкай ДАІ, што знаходзіўся ў стане ап’янення.

Кіраўнік МУС удакладніў, што паводле яго загада служба ДАІ зведвае «фактычна суцэльнае» даследаванне з дапамогай так званага дэтэктара хлусні — паліграфа. «Кожны супрацоўнік, які будзе набліжацца да працягу кантракта, пройдзе гэтую працэдуру», — запэўніў міністр.

На пачатак снежня было праверана прыблізна 700 чалавек. Паводле слоў Шуневіча, «адна траціна гэтую працэдуру не прайшла, і з імі кантракт не будзе працягнуты». Нягледзячы на тое што праходжанне даследавання на паліграфе з’яўляецца добраахвотным, міністр заявіў: «Альбо ты адмовіўся ад паліграфа, альбо ты яго не прайшоў — вынік будзе адзін: кантракт з такім чалавекам мы не працягнем”. Пры гэтым Шуневіч нават „гатовы ахвяраваць” тымі супрацоўнікамі, якія ні ў чым не вінаватыя, але самі сябе агаварылі падчас размовы з экспертамі.

Трагічнае ДТЗ з удзелам часовага выканаўцы абавязкаў начальніка ДАІ Баранавіцкага ГАУС здарылася ўвечары 26 лістапада на трасе, якая ідзе цераз вёску Дарава ў Ляхавіцкім раёне. Будучы п’яным, начальнік ДАІ здзейсніў наезд на 36-гадовую жанчыну-пешахода, якая загінула. Міліцыянер не быў пры выкананні службовых абавязкаў, ён ехаў на асабістым аўтамабілі і быў у цывільным адзенні. У загінулай жанчыны засталіся двое дзяцей. Прадстаўнік ДАІ зняволены, у дачыненні да яго распачатая крымінальная справа.