МУС пачало праверку па справе аб жорсткім абыходжанні з ваўком



Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі пачало праверку па справе аб жорсткім абыходжанні з ваўком ў Хойніцкім раёне (Гомельская вобласць), паведамляе экалагічнае таварыства „Зялёная сетка”.

Падставай для разгляду паслужыў рэпартаж з фотаздымкамі, апублікаваны на сайце агенцтва Reuters, — паляўнічыя душылі тросам злоўленага ў пастку ваўка. У сярэдзіне лютага 2017 года матэрыял апублікавалі на шэрагу рэсурсаў, у каментарах пад ім і ў сацсетках людзі абураліся жорсткім абыходжаннем з жывёлінай.

У сакавіку на сайце change.org абаронцы жывёл пачалі збіраць подпісы пад петыцыяй „Не пасткам!”. Таксама аўтары петыцыі — грамадскія арганізацыі „Ахова птушак Бацькаўшчыны” і „Багна”, таварыства „Зялёная сетка”, эколага-культурная асветніцкая ўстанова „Цэнтр этычнага стаўлення да прыроды” — звярнуліся ў МУС з просьбай разгледзець факты жорсткага абыходжання з жывёламі (ваўком) і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

Як паведамляе „Зялёная сетка”, у лісце ад 28 красавіка Хойніцкі РАУС інфармуе, што паводле заявы „праводзіцца праверка”, пасля чаго будзе разгледжанае пытанне аб прыцягненні паляўнічых да адказнасці.

Абаронцы жывёл звяртаюць увагу, што ў большасці краін Еўропы пасткі забароненыя з 1982 года, калі ўвайшла ў сілу Бернская канвенцыя аб ахове дзікай фаўны і флоры і прыроднага асяроддзя пражывання ў Еўропе. Беларусь нядаўна далучылася да гэтай канвенцыі з агаворкай пакінуць за сабой права выкарыстоўваць пасткі.

Такі спосаб забойства жывёл вельмі балючы і негуманны, адзначаюць актывісты: „Жывёліны, што трапілі ў пастку, адчуваюць боль, іх пакуты могуць доўжыцца днямі, пакуль не прыйдзе паляўнічы. Часам, каб выратавацца, яны адгрызаюць сабе лапы”. Акрамя таго, некаторыя паляўнічыя, шкадуючы патроны, дабіваюць жывёл жорсткімі і негуманнымі спосабамі, парушаючы нормы міжнароднага і нацыянальнага заканадаўства.

У адказ на абвешчаны Мінлясгасам збор прапаноў у правілы вядзення паляўнічай дзейнасці 10 мая абаронцы жывёл перадалі ў міністэрства электронную петыцыю з 14.401 подпісам і калектыўны зварот з прапановай выключыць пасткі са спіса дазволеных прылад палявання і рэгулявання колькасці дзікіх жывёл.

belapan.by