МУС: Тэлеграм-чат „Ліда 97%” прызнаны экстрэмісцкім
Тэлеграм-чат „Ліда 97%” прызнаны экстрэмісцкім. Такое рашэнне прыняў 27 красавіка суд Лідскага раёна (Гарадзенскай вобласць) на падставе матэрыялаў галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй, паведаміла прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава.
„У супольнасці сістэматычна размяшчаліся абразы прадстаўнікоў праваахоўных органаў, дзяржслужачых і членаў іх сем’яў, — напісала яна ў тэлеграм-канале. — Таксама для дэстабілізацыі грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі ўдзельнікі рэгулярна заклікалі да масавых беспарадкаў, вулічных пратэстаў, хуліганства, вандалізму, супраціву міліцыянерам, блакавання руху на аўтамабільных дарогах і чыгунках”.
„Цяпер за публікацыю (рэпост) інфармацыі з названага інтэрнэт-рэсурсу прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць і пакаранне аж да арышту”, — адзначыла Чамаданава.
Раней экстрэмісцкімі былі прызнаныя рэгіянальныя тэлеграм-каналы і чаты „Баранавічы 97%”, „Гродна 97%”, „Магілёў 97%”, „Бабруйск 97%”, „Асіповічы для жыцця”, „Бульвар Нескароных”, „Віцебск 97%”, „Чат неверагоднага Віцебска”, „Мазыр 97%”, „Гомель Савецкі 97”, „Вадзіцелі 97”, „Рэчыца для Жыцця ЧАТ”, „Брэст: чуткі і факты”, „Брэст 97%” і іншыя.
