МУС: У Савецкае РУУС Менска кідалі кактэйлі Молатава



У ноч на 13 кастрычніка ў Савецкае РУУС Менска кідалі кактэйлі Молатава, паведаміла прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава ў сваім тэлеграм-канале.

„Здарэнне адбылося сёння каля 5 гадзін. На дваровую тэрыторыю райупраўлення былі закінутыя тры бутэлькі з запальнай сумессю, — напісала яна. — Адзін са снарадаў трапіў у службовы аўтобус, у выніку чаго той загарэўся. Міліцыянеры не дазволілі полымю ахапіць транспартны сродак цалкам, тым не менш ён пашкоджаны”.

Паводле слоў Чамаданавай, цяпер на месцы здарэння працуе следча-аператыўная група. „Аператыўнікі высвятляюць асоб, якія маюць дачыненне да здзяйснення злачынства”, — адзначыла прэс-сакратар.

Раней Следчы камітэт паведаміў, што позна ўвечары 12 кастрычніка неўстаноўленыя асобы закінулі слоік з вадкасцю і рыззём у акно будынка Баранавіцкай міжраённай пракуратуры. У выніку супрацьпраўных дзеянняў было пашкоджанае шкленне акна. Распачатая справа па ч. 3 арт. 339 КК (хуліганства).

Паводле інфармацыі СК, падобны да гэтага выпадак адбыўся 8 кастрычніка ў Менскай вобласці. Каля 3 гадзін ночы невядомыя асобы пашкодзілі ўваходныя дзверы ў будынак пракуратуры горада Жодзіна. Па гэтым факце таксама распачатая справа паводле ч. 3 арт. 339 Крымінальнага кодэкса.

belapan.by