Мужчына падпаліў машыну каханай з-за таго, што яна яго кінула



Апоўначы на ​​лінію 102 паступіла паведамленне аб тым, што на сталічным праспекце Ракасоўскага гарыць салон аўтамабіля Renault. Неадкладна прыбыўшыя супрацоўнікі Ленінскага РУУС г. Менска па гарачых слядах затрымалі падпальшчыка.

Па інфармацыі ГУУС Мінгарвыканкама, ім аказаўся раней судзімы 61-гадовы мужчына. Ён растлумачыў, што палаяўся са сваёй былой сужыцелькай і вырашыў ёй адпомсціць. Пад уздзеяннем алкаголю мужчына з дапамогай каменя разбіў бакавое шкло і запальнічкай падпаліў сядзенні. Пасля таго, як полымя ахапіла салон аўтамабіля, мужчына ўцёк. Але далёка сысці не атрымалася — зламысніка затрымалі.

Варта адзначыць, што канцэнтрацыя алкаголю ў выдыханым паветры ў падпальшчыка склала каля трох праміле. Вядома, што раней мужчына прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за пагрозу забойствам, прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў сваёй сужыцельцы.

Дзеянні зламысніка могуць быць кваліфікаваныя як наўмысныя знішчэнне або пашкоджанне маёмасці, здзейсненыя агульнанебяспечным спосабам альбо якія пацягнулі прычыненне шкоды ў буйным памеры. Фігурант можа атрымаць максімальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да дзесяці гадоў.

zviazda.by