Мужчыну асудзілі за SMS супрацоўніку Акрэсціна
Суддзя Маскоўскага раёна горада Менска Лідзія Цяліца вынесла прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да Аляксандра Сячко – тры гады „хіміі”, паведамляе ПЦ „Вясна”.
Пасля абвяшчэння прысуду яго выпусцілі з-пад варты. Сячко асудзілі па артыкуле 364 КК РБ (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Ён адправіў камандзіру аддзялення ЦІП на Акрэсціна Яўгену Урублеўскаму SMS з заклікам маліцца ў сувязі з хуткім сконам.
Сячко тлумачыць: „Пасля прагляду відэа аб масавых збіваннях і ўсіх гэтых бясчынствах падчас жнівеньскіх падзей я быў абураны і шакаваны – і на эмоцыях напісаў паведамленне”.
Суд таксама абавязаў Сячко выплаціць Урублеўскаму кампенсацыю маральнай шкоды памерам 1000 беларускіх рублёў. Мабільны тэлефон, з якога і было напісана SMS, суд вырашыў канфіскаваць.
Як кажа Сячко, Урублеўскаму пасля падзей 9-12 жніўня паступіла каля 1300 паведамленняў з рэакцыяй на інфармацыю аб катаваннях на Акрэсціна.
Беларускае Радыё Рацыя
