“Музыка нашых сэрцаў” запрашае ў вёску Карэвічы



Вялікі музычны фэст для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, на які завітаюць Ірына Дарафеева, Паліна Рэспубліка, “Vyraj”, “Стары Ольса” і вялікая колькасць народных ансамбляў з Беларусі, адбудзецца 18 чэрвеня ў вёсцы Карэвічы, што на Гарадзеншчыне.

Пра адметнасць фэсту і яго асаблівасці распавядае піяр-менеджар праекта Сяргей Іваноў:

– У сядзібе «Фальварак “У Рыся”» другі раз пройдзе Міжнародны дабрачынны этна-фестываль для людзей з абмежаванымі магчымасцямі “Музыка нашых сэрцаў”. Будуць сярэднявечныя танцы, рыцарскія турніры, выставы, займальныя майстар-класы рамеснікаў, катанне на конях, палёты на паветраным шары. Будзе таксама выстава аўтамабіляў і сплаў на байдарках. Будзе і магчымасць паспрабаваць стравы мясцовай традыцыйнай кухні: налеснікі, дранікі, пірагі, збіцень.

Скончыцца вялікі фэст фальклору і забаў вялікім фаер-шоу. Мерапрыемства будзе адбывацца ў межах праекта садзейнічання развіццю мясцовых супольнасцяў у Рэспубліцы Беларусь. Асаблівасцю гэтага фэсту з’яўляецца выступ музыкаў з абмежаванымі магчымасцямі з Беларусі і краін бліжэйшага замежжа.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня