“Мы – не дармаеды!” правялі акцыю каля Камароўскага рынка



Збор подпісаў супраць дэкрэта аб дармаедах арганізавалі ініцыятары кампаніі “Мы – не дармаеды!”. У акцыі, якая праходзіла каля Камароўскага рынка ў Менску, узялі ўдзел прадстаўнікі правацэнтрысцкай кааліцыі, якая ўключае Аб’яднаную грамадзянскую партыю, Рух “За свабоду” і аргкамітэт Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Гэтай акцыяй арганізатары “Маршу недармаедаў” хочуць падкрэсліць, што збор подпісаў за скасаванне дэкрэту аб дармаедах працягваецца, кажа старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

– Ён працягваецца па ўсіх рэгіёнах. Сёння ўжо 75 ці 80 тысяч подпісаў сабрана. Але гэтага недастаткова. Я думаю, трэба каб людзі ставілі свае подпісы. Таму што той, хто паставіў подпіс, ён адчувае сябе адказным за тое, што адбываецца. Гэта вельмі важна. Таму сёння ў нас і збор подпісаў, і такая сімвалічная акцыя, што мы супраць дэкрэта аб так званых дармаедах.

Як дадаюць удзельнікі акцыі па зборы подпісаў, абыякавых да гэтай праблемы практычна няма. Людзі ў пераважнай колькасці падтрымліваць скасаванне дэкрэта аб дармаедах і заяўляюць сваю гатоўнасць узяць удзел у “Маршы недармаедаў”, які адбудзецца 15 сакавіка на Дзень Канстытуцыі.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя