“Мы павінны вырашыць, у якой краіне хочам жыць”



Кандыдат гістарычных навук, беларускі гісторык, публіцыст Ігар Мельнікаў скарыстаў святкаванне 100-годдзя БНР для асветніцкіх мэт. Гісторык лічыць, што менавіта зараз слова за гісторыкамі, асабліва незалежнымі. Каб беларусы асэнсавалі 25 сакавіка як Дзень Незалежнасці, а ўлады перасталі яго ўспрымаць як палітычнае свята. 25 сакавіка павінна аб’яднаць людзей у будучым, кажа Ігар Мельнікаў.

Насамрэч для мяне вельмі важна паўдзельнічаць у мерапрыемствах 25 сакавіка на перыферыях, такіх як Баранавічы, Маладэчна, куды мяне людзі запрасілі. Будучы гісторыкам, які валодае цікавымі фактамі, цікавымі матэрыяламі, я магу расказаць пра гісторыю БНР даступнай мовай, каб гэта было цікава, і супрацоўнікам міліцыі, што на свяце дзяжураць, і звычайным людзям. І каб людзі зразумелі, што гэта не палітычны нейкі дзень, а каб гэты дзень сапраўды стаў днём, які нас аб’яднае. Я павінен расказаць людзям пра гэта.

РР: Але ўлады чамусьці зрабілі крок назад. Яны ж меліся разам святкаваць, але ў апошні момант адмянілі негалосна ўсё?

Мне гэта цяжка характарызаваць насамрэч, чаму пайшлі такія вось пературбацыі ў святкаванні гэтага дня. Я лічу, што 25 сакавіка павінен быць агульным днём для ўсіх. Магчыма, некаторыя людзі – прадстаўнікі апазіцыйных колаў – залішне яго палітызуюць. Хаця, канешне, і ўлада ў гэтым сэнсе баіцца гэтага моманту. Але не трэба гэтага рабіць. Людзям трэба тлумачыць гісторыю. Людзям трэба патлумачыць тое, што адбывалася 100 гадоў таму на тэрыторыі Беларусі. Наколькі цяжка было тым, хто аб’явіў БНР. Нягледзячы на сітуацыю, якая ёсць: хтосьці кагосьці арыштоўвае, хтосьці кагосьці заклікае невядома куды, галоўнае, каб проста людзі аб’ядноўваліся і не ішлі на канфрантацыю на гэтым свяце.

РР: Варта замяніць Дзень Незалежнасці 3 ліпеня на 25 сакавіка?

Трэба людзям патлумачыць, што такое 25 сакавіка. І толькі потым задаць гэтае пытанне. Большасць людзей вырасла, сфармавалася ў Беларусі, якая ўжо стала прэзідэнцкай. Яны не разумеюць сэнс 25 сакавіка. Яны думаюць, што толькі апазіцыянеры святкуюць. Калі яны зразумеюць сэнс таго, што без 25 сакавіка не стварылася б ні БССР, ні цяперашняй незалежнай Беларусі, вось тады яны пачнуць думаць, што, сапраўды, у нас зашмат савецкага, а трэба нацыянальнае развіваць.

РР: Ці дапусціць Масква, каб людзі ўсвядомілі, што значыць для беларусаў 25 сакавіка?

– Для гэтага павінны працаваць гісторыкі. У Беларусі ёсць дастаткова гісторыкаў. Нават Інстытут гісторыі Акадэмія навук выпусціў кніжку, прысвечаную БНР. Яна акадэмічная досыць. Але гэта быў першы крок. Так і называецца “Першы крок да незалежнасці”. Але незалежныя гісторыкі, яны выпускаюць кніжкі, і я лічу, што мы гаспадары, беларусы – гаспадары ў Беларусі. Мы вырашаем, у якой краіне мы хочам жыць і якую гісторыю мы павінны ведаць. Таму павінны вывучаць тое, што ёсць.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]