“Мы разам!” у Глыбокім



“Мы разам!”- мерапрыемства з такім заклікам зладзіла дабрачынная арганізацыя “Карытас” пры парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім.

На яго з’ехаліся больш за 200 асобаў з абмежаванымі магчымасцямі, іх бацькі, апекуны і сацыяльныя работнікі з адзіннаццаці гарадоў Беларусі.

Па словах дырэктара дабрачыннай арганізацыі “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі ксяндза Андрэя Аніскевіча, мэта мерапрыемства звярнуць увагу людзей на патрэбы людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

– Каб паказаць людзям, што мы ўсе роўныя, каб не забываць пра тых, каму штосьці не хапае, хто адрозніваецца ад нас, хто патрабуе дапамогі, міласэрнасці, дабрыні.

Мерапрыемства пачалося ў касцёле Святой Тройцы, дзе прысутных прывіталі ксёндз Мечыслаў Янчышын і прадстаўнікі мясцовай улады. Далей адбылося агульнае шэсце да Дома культуры, дзе гасцей чакалі пачастункі, гульні, прадстаўленне лялечнага тэатра і канцэрт.

Падчас мерапрыемства адбыўся круглы стол, на якім абмяркоўвалі пытанні інтэграцыі інвалідаў у грамадстве і заахвочвання людзей да ўчынкаў міласэрнасці.

Таццяна Смоткіна, Глыбокае