Мяккая беларусізацыя сярод берасцейцаў



Дзве тэмы, “Мяккая беларусізацыя” і “Адзін у полі – ваяр”, закранулі на “Мове нанова” ў Берасці. На занятках быў аншлаг, бо гасцямі курсаў выступілі сузаснавальнік крамы “Князь Вітаўт” Сяржук Бахун, аўтар “Беларускіх уікэндаў” Андрэй Кім і стваральнік “Мовы нанова” Глеб Лабадзенка. Гаворка ж вялася пра пашырэнне беларускай мовы сярод моладзі і ў бізнесе праз паспяховыя культурніцкія і дзелавыя праекты.

Кажа Глеб Лабадзенка:

– Я думаю, што для многіх людзей вельмі важна проста прыйсці і недзе пачуць беларускую мову, паглядзець, што жывыя людзі гавораць па-беларуску, нейкія цікавыя госці таксама гавораць па-беларуску. Магчыма, для кагосьці гэта стане першым крокам. Адносіны да беларускай мовы робяцца ўсё лепшымі і лепшымі ў нашым грамадстве. Я за апошнія гады ўвогуле не прыпомню ніводнага негатыўнага выпадку, каб нехта дрэнна адрэагаваў на беларускую мову.

Госці курсаў акцэнтавалі ўвагу на тым, што не збіраюцца чакаць пераменаў у краіне і працягнуць рабіць свае справы нават у тых умовах, якія ёсць, і заклікалі астатніх рабіць тое ж. “Свабода павінна быць у нас у галаве, а жыццё адно, таму спрабуйце нешта рабіць і рэалізоўвайце свае задумы”, – падсумаваў Лабадзенка.

Цалкам гук у далучаным файле:

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота аўтара