Мясцовыя ўлады спрабуюць спыніць сцёкавыя воды адпіскамі



Так і застаецца невырашальнай праблемай адвод сцёкавых вод у пасёлку Крулеўшчына, што ў Докшыцкім раёне. Жыхары пасёлка працягваюць скардзіцца на невыкананне мясцовымі ўладамі сваіх абяцанняў і на адпіскі, якія дасылаюць яны людзям. Значныя праблемы з адводам сцёкавай вады ад сваіх хат спазналі жыхары вуліцы Максіма Горкага.

“Гэтую праблему ніхто не вырашае, а вада затапляе скляпенні, трапляе ў мясцовыя калодзежы і  наносіць шкоду збудаванням. Праблема так і застаецца невырашальнай, нягледзячы на абяцанні Докшыцкай жыллёва-камунальнай гаспадаркі і старшыні сельскага савета Алены Таляронак абслугоўваць і даглядаць сцёкавыя канавы”,  – кажуць жыхары вуліцы Максіма Горкага.

– Уся вада цячэ да мяне. Каля гаража стаіць вада. Каб улады гэта ўсё самі вёдрамі вычэрпвалі і выносілі, то тады магчыма даглядалі б.

– Усё ідзе на мой гарод. І пад хатай увесь час стаіць вада. Памянялі падлогу, бо яна згніла ад вады. Звярнулася ў страхавую, каб хоць нейкія грошы далі, але яны адмовілі, проста не захацелі нічога высвятляць.

– Трэба зрабіць адвод ад дарогі. Бо дарога вышэй за агароды. І як толькі дождж, усё тут плавае.

– Уся вада льецца ў падвал. Камгас не робіць, і людзі не робяць. Каб камунальныя службы растлумачылі, пагаварылі з людзьмі, гэтую сітуацыю можна было б вырашыць.

Па словах жыхароў вуліцы Горкага ў Крулеўшчыне, ім прыходзяць ад уладаў пісьмовыя адказы, што ўсё зроблена і сцёкавыя канавы абслугоўваюцца камунальнымі службамі. Толькі вось у выніку нічога не мяняецца, вада па-ранейшаму як затапляла скляпенні і ўчасткі людзей, так і зараз затапляе.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара