Мёртвыя фантаны Гародні



“Калі ў цябе ёсць фантан – заткні яго. Дай адпачыць і фантану!” – казаў незабыўны Казьма Пруткоў. Многія гарадзенскія фантаны “адпачываюць” гадамі і нават дзесяцігоддзямі. Гарадзенскія ўлады любяць хваліцца ўпарадкаванасцю і дагледжанасцю гораду над Нёманам. Аднак, па ўсім горадзе можна ўбачыць нямала “мёртвых” фантанаў, гэткіх рэліктаў яшчэ савецкага часу. Гэтыя аб’екты, пакліканыя некалі быць аазісамі адпачынку, у страшэнна занядбаным стане. Пераважная бальшыня іх не падлягае рэканструкцыі ці нейкай адбудове. Аднак гарадскія ўлады не спяшаюцца дэмантаваць гэтыя сведкі яшчэ савецкай мінуўшчыны нават у цэнтральных частках гораду.

Вось яскравыя прыклады занядбаных “навечна” гарадзенскіх фантанаў:

Фантан, падобны таму, што быў некалі збудаваны паблізу будынку ўпраўлення статыстыкі па вуліцы Ўрублеўскага, меў функцыянальнае значанне – ён служыў дзеля ахаладжэння першых кампутарных сістэм.

Аналагічны фантан некалі функцыянаваў каля будынку абласнога Аграпрама па вуліцы Горкага. Праўда, нядаўна яго дэмантавалі і цяпер на яго месцы скверык з лавачкамі. Гэта якраз пазітыўны прыклад.

Скверык на вуліцы Горкага на месцы былога фантану. 

Яшчэ адзін колішні фантан-гігант можна пабачыць на вуліцы Горкага побач з заводам „Радыёхваля”. Паблізу размешчаны візавы цэнтр, за якім раздзяўбаныя прыступкі і руіны былога фантана.

Рэшткі былога фантана каля заводу „Радыёхваля”.

У розных кутках гораду можна напаткаць і больш дробныя фантаны, якія даўно не струменяць. Некалі яны ствараліся найперш на радасць дзецям, а цяпер на іх ніхто не звяртае ўвагі.

Адзін з такіх фантанчыкаў „схаваўся” за гарадзенскай кірхай на вуліцы 1-га Мая.

Невялікі фантан існаваў некалі па вуліцы Каліноўскага насупраць галоўнага гарадскога стадыёну.

Былы фантанчык па вуліцы Каліноўскага непадалёк гатэля „Беларусь”.

Ёсць у горадзе і фантаны постсавецкага часу, якія даўно не функцыянуюць. Прыкладам фантан па вуліцы Савецкіх пагранічнікаў на тэрыторыі шпіталю хуткай дапамогі.

Фантан на тэрыторыі шпіталю хуткай дапамогі даўно не радуе ні хворых ні медыцынскі персанал.

Бальшыня старых фантанаў Гародні даўно адслужылі сваё, але на іх мадэрнізацыю ці дэмантаж у гарадскіх уладаў і розных камунальных службаў альбо няма сродкаў альбо жадання.

Ладзік Майніч, Беларускае Радыё Рацыя