Мытнікі пачнуць ажыццяўляць некаторыя функцыі памежнікаў



Мытныя органы Беларусі пачнуць ажыццяўляць некаторыя функцыі органаў памежнай службы ў „Казловічах” і некаторых іншых пунктах пропуску з 1 студзеня 2019 года. Пра гэта паведаміў 25 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Менску старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрый Сянько.

„З мэтай скарачэння знаходжання транспартных сродкаў у пунктах пропуску Дзяржаўным мытным камітэтам сумесна з Дзяржпагранкамітэтам з 1 чэрвеня да 1 верасня 2017 года ў пункце пропуску „Казловічы” праводзіўся эксперымент па перадачы асобных функцый памежнай службы мытнікам. Яго вынікі прызнаныя эфектыўнымі”, — адзначыў Сянько.

Як падкрэсліў кіраўнік ДМК, з пастаўленай падчас эксперыменту задачай мытнікі справіліся, не зменшыўшы асноўныя паказчыкі работы пункта пропуску. Так, пры павелічэнні грузапатоку на 21% у параўнанні з аналагічным перыядам 2016 года сярэдні час знаходжання транспартных сродкаў у пункце пропуску зменшыўся на 37%.

„Гэта не кажа пра тое, што мытнікі сталі працаваць лепш за памежнікаў. Не. За кошт таго, што мы ўсе працэдуры звялі ў „адно акно”, выключылі хаджэнне вадзіцеля грузавога транспартнага сродку па кабінках, агульны час знаходжання вадзіцеля і транспартнага сродку ў пункце пропуску скараціўся. А гэта значыць, што на 37% павялічылася прапускная здольнасць пункта пропуску. Прытым што мы яго не дабудоўвалі, не перабудоўвалі, не ўкладвалі дадаткова сродкі, не павялічвалі колькасць людзей, якія там працуюць”, — растлумачыў Сянько.

Паводле яго слоў, аб выніках эксперыменту праінфармаваны кіраўнік дзяржавы, эксперымент прызнаны паспяховым. Прынята рашэнне, што з 1 студзеня 2019 года службовымі асобамі мытных органаў на пастаяннай аснове будуць ажыццяўляцца асобныя функцыі органаў памежнай службы ў пунктах пропуску „Казловічы”, а таксама ў тых, якія называюцца перадаткавымі станцыямі („Гудагай”, „Бігосава”).

belapan.com