Мытнікі выявілі ў 65-гадовай беларускі больш за 150 тысяч незадэклараваных еўра



Менскія мытнікі ў багажы і ручной паклажы пасажыркі авіярэйса Вена — Менск выявілі больш за 150 тыс. незадэклараваных еўра.

Як паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт, для праходжання мытнай мяжы 65-гадовая грамадзянка Беларусі абрала „зялёны” калідор, заявіўшы тым самым аб адсутнасці тавараў і грашовых сродкаў, якія падлягаюць дэклараванню.

„Мытнікі звярнулі ўвагу на трывожнасць грамадзянкі пры стандартным апытанні, пасля чаго прапанавалі ёй усё ж прайсці па „чырвоным” калідоры”, — гаворыцца ў паведамленні.

Падчас агляду багажу і ручной паклажы жанчыны выяўлена больш за 10 тыс. еўра, а пры правядзенні асабістага надгляду ў кішэнях камізэлькі выяўленыя два канверты па 20 тыс. еўра і яшчэ адзін са скруткамі ўвогуле 38 тыс. еўра. Таксама ў надзетым на жанчыну самаробным поясе з тканіны ў сямі адсеках знаходзілася 73 тыс. еўра, пераважна ў купюрах па 200 і 500 еўра.

Агульная сума склала больш за 150 тыс. еўра, што амаль у 18 разоў перавышае суму, дазволеную заканадаўствам ЕАЭС да перамяшчэння цераз мытную мяжу без пісьмовага дэкларавання.

Па гэтым факце Менскай рэгіянальнай мытняй праводзіцца праверка згодна з ч. 2 арт. 228 КК. Гэтым артыкулам прадугледжаны штраф, ці абмежаванне волі ад двух да пяці гадоў, ці пазбаўленне волі на той жа тэрмін.

Мытны камітэт нагадвае, што перамяшчэнне цераз мытную мяжу наяўных грошай звыш 10 тыс. даляраў ЗША ў эквіваленце падлягаюць пісьмоваму дэклараванню. У дэкларацыі паказваюцца звесткі аб крыніцы паходжання наяўных грошай і мэтах іх перамяшчэння. Калі сума перавышае 100 тыс. даляраў ЗША ў эквіваленце, мытнаму органу дадаткова павінны быць пададзеныя дакументы для пацвярджэння паходжання гэтых грашовых сродкаў.

belapan.by