Мытнікі затрымалі расейца з 63 кг гашышу



На беларуска-літоўскай мяжы затрыманы 48-гадовы грамадзянін Расеі, які спрабаваў увезці ў Беларусь 63 кг гашышу, паведамляе Гарадзенская рэгіянальная мытня.

Буйная партыя наркотыку была схаваная ў спецыяльна абсталяваным пад сядзеннямі аўтамабіля KIA Sorento тайніку. Расеец, які перамяшчаў гашыш, уязджаў з Літвы праз пункт пропуску „Каменны Лог” па „зялёным” калідоры. „Пасля прапановы мытнікаў прайсці на агляд транспартнага сродку з дапамогай інспекцыйна-надгляднага комплексу, кіроўца зрабіў спробу самавольна пакінуць пункт пропуску, але быў затрыманы пагранічным нарадам”, — удакладнілі ў мытні.

Пры аглядзе аўтамабіля мытнікі дасталі з тайніка 67 брыкетаў з рэчывам цёмна-карычневага колеру. Эксперт Лідскага міжраённага аддзела ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Гарадзенскай вобласці ўстанавіў, што спрасаванае смалістае рэчыва ў адным з брыкетаў з’яўляецца гашышам.

За парушэнне рэжыму ў пункце пропуску грамадзянін РФ прыцягнуты да адказнасці ў адпаведнасці з арт. 23.32 КоАП у выглядзе штрафу ў 40 базавых велічынь (1.020 рублёў).

Пачатая справа па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 328-1 КК (незаконнае перамяшчэнне праз мяжу наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналагаў у буйным памеры з адсутнасцю прыкмет кантрабанды). Праводзяцца неадкладныя следча-працэсуальныя дзеянні. Па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства грамадзянін затрыманы.

belapan.by

Фота grt.customs.gov.by