Мытнікі зноў на лаве падсудных



За хабар, злоўжыванні і махлярства ў Гомелі будуць судзіць 18 чалавек, у тым ліку мытнікаў. Суд Цэнтральнага раёна Гомеля 28 ліпеня плануе разгледзець у адкрытым рэжыме крымінальную справу паводле абвінавачання арганізаванай групы (18 чалавек) у хабарніцтве, злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, махлярстве і пасрэдніцтве ў хабарніцтве.

У складзе групы былі службовыя асобы Гомельскай мытні і прадстаўнікі некаторых фірмаў абласнога цэнтра.

Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе Гомельскага абласнога суда, фігурантам справы інкрымінуюць артыкулы 430, 431 (даванне і атрыманне хабару), артыкул 424 (злоўжыванне ўладай альбо службовым становішчам), артыкул 432 (пасрэдніцтва ў хабарніцтве) і іншыя артыкулы Крымінальнага кодэкса.

Пра падрабязнасці крымінальнай справы пакуль не паведамляецца.