МЗС: Грамадзян Беларусі сярод пацярпелых у Страсбургу няма



Беларусаў няма сярод пацярпелых у выніку стральбы ў Страсбургу.

„Паводле інфармацыі французскай паліцыі, грамадзян Беларусі сярод пацярпелых у Страсбургу няма. Для аператыўнага атрымання інфармацыі французскімі ўладамі арганізаваная гарачая лінія (0 811 000 667)”, — гаворыцца ў паведамленні ў „Твітэры” МЗС Беларусі.

Пры неабходнасці беларускія грамадзяне могуць звязацца з пасольствам Беларусі ў Францыі па тэлефонах: +33 144146975, +33 609784140, +33 695480864, +33 650601712 ці электроннай пошце [email protected]

Увечары 11 снежня ў цэнтры Страсбурга каля каляднага кірмашу 29-гадовы мясцовы жыхар адкрыў стральбу. Не менш як тры чалавекі забітыя і 12 параненыя, шасцёра з іх знаходзяцца ў крытычным стане.

Нападнік быў паранены, але яму ўдалося збегчы. Як паведаміў міністр унутраных спраў Францыі Крыстоф Кастанер у сваім „Твітэры”, у спецаперацыі па пошуку стралка ўдзельнічаюць 350 паліцэйскіх і жандараў, задзейнічаныя два верталёты, прыцягваюцца дадатковыя сілы.

Нападнік быў вядомы паліцыі. Ён знаходзіцца ў спісе Fiche S, куды ўносяць тых, хто можа ўяўляць небяспеку для грамадства. Усяго ў гэтым спісе больш за 10 тысяч прозвішчаў.

belapan.by

Фота @gettyimages