МЗС Польшчы падарыла мікрааўтобус гомельскай Дзіцячай вёсцы



Новы камфартабельны мікрааўтобус Volkswagen Crafter, абсталяваны пад’ёмнікам для інвалідных калясак, з’явіўся ў гомельскай Дзіцячай вёсцы (дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця).

Дзіцячую вёску пабудавала і абсталявала ўсім неабходным дабрачынная каталіцкая місія „Карытас-Міласэрнасць” на грошы замежных дабрачынных арганізацый і прыватных дарыльшчыкаў з Германіі, Аўстрыі, Італіі і іншых еўрапейскіх дзяржаў. У наступным на гэтай базе ў супрацоўніцтве з абласным камітэтам па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне насельніцтва быў створаны інтэрнат, фінансаванне якога дзяржава ўзяла на сябе.

Новы аўтамабіль быў набыты на сродкі праграмы Міністэрства замежных спраў Польшчы „Польская дапамога”. Для ўдзелу ў цырымоніі перадачы мікрааўтобуса 13 лістапада інтэрнат наведалі прадстаўнікі МЗС Польшчы і пасольства краіны ў Менску.

„Гэта вялікая радасць для нас, — адзначыў дырэктар місіі „Карытас-Міласэрнасць” святар Юрый Варонка. — Дзякуючы Богу і тым людзям, якія пачулі просьбу аб дапамозе, рэалізуецца гэты праект. Радуе, што змаглі ўвасобіць яго ў жыццё сумеснымі з дзяржавай высілкамі і наша супрацоўніцтва працягваецца”.

Святар паведаміў, што мікрааўтобус будзе служыць выхаванцам інтэрната, якія павінны ездзіць на заняткі ў школу. Таксама на аўтамабілі будуць перавозіць маладых інвалідаў, якія раз на тыдзень прыязджаюць у інтэрнат на сустрэчы.

Паводле слоў першага сакратара пасольства Польшчы Магдалены Сідаровіч, польскі бок рад удзельнічаць у праекце Дзіцячай вёскі. „Мы жадаем перадаваць свой вопыт і аказваць фінансавую падтрымку тым, хто мае патрэбу ў дапамозе”, — сказала яна.

Старшыня камітэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Гомельскага аблвыканкама Пётр Шуцько адзначыў, што праект Дзіцячай вёскі для Беларусі ўнікальны. „Аптымальна, калі чалавек пражывае ва ўмовах сямейнага тыпу. На базе гэтай установы створаны вельмі добры калектыў і цудоўныя ўмовы, таму гэта пляцоўка заслугоўвае таго, каб распаўсюджваць свой вопыт па ўсёй краіне. Радуе, што праект рэалізуецца сумеснымі намаганнямі дзяржавы і партнёраў, дапамога якіх неацэнная . Важна, што мы не спыніліся на першым этапе, а рэалізуем другую чаргу праекта”, — сказаў чыноўнік, маючы на ўвазе будаўніцтва Інтэгратыўнага тэрапеўтычна-адукацыйнага цэнтра.

На працягу апошніх пяці гадоў пасольства Польшчы ў рамках „малых грантаў” рэалізавала больш за 30 праектаў на суму большую чым 1 млн еўра. У прыватнасці, год таму ў цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Наваполацка з дапамогай польскага боку адкрылі два гульнявыя комплексы.

Гомельская Дзіцячая вёска разлічана на пражыванне ў ёй 60 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўмовах, максімальна набліжаных да сямейных. Чатыры асобныя групы-сям’і складаюцца з 15 чалавек. Звяном, якое злучае такую групу-сям’ю, з’яўляецца сястра-манашка. З іх дапамогай работнікі інтэрната клапоцяцца аб належным клімаце выхавання і апякуюць жыццё выхаванцаў. Трапіць у дом-інтэрнат мае магчымасць кожны, хто ў гэтым мае патрэбу, незалежна ад веравызнання.

belapan.by