На 92-м годзе пайшоў з жыцця Міхась Чылек



На 92-м годзе жыцця адышоў у іншы свет руплівец на ніве беларушчыны – Міхась Чылек.

Міхась Паўлавіч нарадзіўся ў вёсцы Пудзіна Наваградскага раёна. Ён яшчэ падлеткам сышоў у лес да партызанаў, быў удзельнікам Другой сусветнай вайны. З прыходам незалежнасці, на пачатку 90-х гадоў актыўна ўключыўся ў адраджэнцкі беларускі рух. На працягу многіх гадоў ён узначальваў і кіраваў суполкай партыі БНФ у Бярозаўцы, што на Лідчыне. А на рубяжы нулявых гадоў фактычна на свае сродкі і сваімі высілкамі выдаваў гарадскую незалежную газету “Бярозаўскія навіны”. Узгадвае кіраўнік Лідскай раённай арганізацыі партыі БНФ – Сяргей Пантус:

– Правялі ў апошні шлях нашага паплечніка і старэйшага майго асабістага сябра Чылека Міхаіла Паўлавіча – першага кіраўніка нашай бярозаўскай суполкі Партыі БНФ і БНФ „Адраджэнне”. Паўлавіч заўсёды быў рамантыкам-ідэалістам, які верыў у ідэальную Беларусь, і за такую Беларусь ён змагаўся. Уся ягоная дзейнасць была накіраваная на гэта. Такім чалавекам ён застаўся да апошніх хвілін. І такім чалавекам ён застанецца ў нашай памяці. І мы працягнем ягоную справу – будзем будаваць ідэальную Беларусь.

Тыя, хто ведаў Міхася Паўлавіча асабіста, у сваіх апошніх словах пра яго ўзгадвалі, што гэта быў такі чалавек, якому сэрца балела за Беларусь да апошніх хвілінаў жыцця.

Міхась Чылек пахаваны пад бел-чырвона-белым сцягам на могілках у роднай яму Бярозаўцы.

Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя