На абаронцаў Курапатаў напалі невядомыя ў масках (абноўлена)



На лагер абаронцаў Курапатаў сёння раніцай напалі невядомыя.

Замаскаваных у масках з драўлянымі завостранымі палкамі было звыш дзесяці чалавек распавядае актывіст «Маладога Фронту» Арцём Леўчанка, які застаўся начаваць на тэрыторыі будоўлі каля Курапатаў.

— А 4-й гадзіне раніцы наляцела чалавек 15 у чорным, захутаныя ў шалікі. Яны зруйнавалі наш намёт, аднаму чалавеку разбілі галаву. Некаторыя частка нашых хлопцаў ламануліся ўгару, яны пабеглі за імі і крычалі нейкія словы пра Расею. Самае цікавае, што заўсёды, колькі мы баранілі Курапаты побач з намі тут 2 дні стаяў прадстаўнік РУУС, ці супрацоўнік праваахоўных органаў і здымаўся на камеру. Сёння ён прыйшоў а 12-й гадзіне ночы і нікога тут побач не было, а потым, калі нашы хлопцы вярталіся, яны заўважылі аднаго з АМАП-аўцаў у лесе.

Увесь напад доўжыся прыкладна 40-50 секунд, нядоўга. Яны пераследавалі частку нашых хлопцаў, але нядоўга, потым яны пабеглі ўздоўж лесу, дзе мы думаем іх чакала машына.

РР: Аднаго з абаронцаў Курапатаў збілі.

— Так, разбілі галаву.

РР: А што адбываецца цяпер?

— Цяпер прыехалі журналісты Белсату, Павел Вінаградаў, Зміцер Дашкевіч, Эдуард Пальчыс падцягнуўся.

РР: Ці вы паведамлялі міліцыю пра гэтае здарэнне?

— Так, у міліцыю паехалі, хоць насамрэч мы не вельмі хацелі звяртацца ў міліцыю, бо які сэнс пісаць заявы бандытам на бандытаў. Міліцыя не будзе лавіць і шукаць людзей, якія нас збівалі. Але тры чалавекі ад нас паехалі пісаць заявы.

На сёння была запланаваная сустрэча грамадскасці ў Менгарвыканкаме, і на гэты час абяцалі спыніць будоўлю. Нагадаем, што з 20 лютага  маладзёвыя актывісты праводзяць кругласутачнае дзяжурства каля будоўлі планаванага пяціпавярховага бізнес-цэнтра. Прадстаўнікі грамадскасці і частка мясцовых жыхароў лічаць, што праект парушае мяжу ахоўнай зоны месцы масавага пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій у Курапатах.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя Фота: svaboda.org