На адным з найбуйнейшых газавых хабаў Еўропы адбыўся выбух (абноўлена)



Пажар, які адбыўся ў выніку выбуху на газаразмеркавальнай станцыі блізу аўстрыйскага горада Баумгартэн-ан-дэр-Марх, цалкам патушаны. Пра гэта паведамляе аператар газатранспартнай сістэмы краіны Gas Connect Austria. 

У выніку аварыі, якая адбылася сёння ўдзень, загінуў адзін чалавек, 21 пацярпеў.

Праз газавы хаб у Баумгартэне ідзе каля траціны ўсіх паставак расейскага газу ў Заходнюю Еўропу. Gas Connect Austria ў ручным рэжыме зрабіла адключэнне газавода, цяпер праца хаба цалкам спыненая. 

* * * 

На газавым хабе ў аўстрыйскім Баумгартэне прагрымеў моцны выбух. Па дадзеных паліцыі, у выніку загінуў адзін чалавек, сама меньш  18 чалавек параненыя.

Некалькі чалавек з моцнымі апёкамі накіраваныя ў лякарні на верталётах, перадае аўстрыйская тэлерадыёкампанія ORF. Мясцовыя СМІ раней паведамлялі аб некалькіх дзясятках пацярпелых.

Газаразмеркавальны цэнтр у Баумгартэне з’яўляецца адным з найбуйнейшых у Еўропе. Праз яго прапампоўваецца каля траціны ўсіх паставак расейскага газу ў Заходнюю Еўропу.

Агенцтва Блумберг паведамляе, што з-за выбуху парушаныя пастаўкі газу ў Італію, Харватыю і Славенію.

Міністэрства эканамічнага развіцця Італіі абвясціла рэжым надзвычайнай сітуацыі.

Як паведамляе агенцтва Рэйтэр са спасылкай на кампанію-аператар тэрмінала Gas Connect Austria, пагрозы для паставак газу кліентам у Аўстрыі няма.

Паліцыя Аўстрыі паведаміла, што прычынай выбуху і пажару стаў тэхнічны збой.

bbc.com