На Аўгустоўскім канале адбылася акцыя Bike4SDGs 2017



На шлюзе Дамброўка Аўгустоўскага каналу ў Гарадзенскім раёне прайшла акцыя ў падтрымку ўстойлівага развіцця Bike4SDGs 2017. Яе ўжо другі раз праводзіць мясцовая ўлада сумесна з Праграмай развіцця Аб’яднаных Нацыяў. Цэнтральным мерапрыемствам акцыі стала роварная гонка на 18.5 км. Сярод удзельнікаў – спартоўцы, дыпламаты, людзі з інваліднасцю, бо галоўная задача акцыі – паказаць, што створаны роўныя магчымасці для розных людзей.

Кажа адзін з удзельнікаў гонкі, кіраўнік асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў Гарадзенскай вобласці Сяргей Фешчанка, які ехаў на адмысловай прыладзе да інваліднага вазка.

– Запрасілі, патэлефанавалі, і мы сказалі, што возьмем удзел. Калі ўдзельнічаць, дык толькі з добрым настроем. З кепскім навошта ехаць. Справа ў тым, што тыдзень таму я гэтую трасу праехаў, пратэставаў. Мы рабілі паметкі, дзе што трэба дарабіць, усё выявілі. Гэта называецца хэнд-байк. Прыстаўка да вазка прымацоўваецца як у горным ровары, з пераключэннем хуткасцяў. Дзе складана, там больш нізкую перадачу. На роўнай дарозе можна павышаную перадчу. Намнога прасцей, чым проста курціць колы.

Мерапрыемства прайшло з удзелам актывістаў роварнага руху Менску і Гародні. Сярод іх многія паспрабавалі сябе ў ролі валанцёраў.

Кажа валянцёрка з Менскага роварнага таварыства Тацяна.

– Гэтае мерапрыемства не гарадзенскае. Гэтае мерапрыемства ўсёй Беларусі. Менскае роварнае таварыства не магло не падтрымаць. Уздымаем важную тэму – тэму людзей, якія выключаныя з грамадства, тэму ўстойлівага развіцця. Праводзіцца тут, бо гэтае месца вядомае для гарадзенцаў. Па-першае, тут адбываюцца розныя спаборніцтвы, якія звязаныя менавіта з роварам. Гэта месца, якое спрыяе суадносінам паміж людзьмі, яно больш свабоднае, чым калі б праводзілася ў горадзе.

Апрача спартовых спаборніцтваў па роварнай гонцы, каяковага заплыву, па скандынаўскай хадзьбе – у Гародні прайшоў фестываль фільмаў „Мэта 17”. З тае прычыны, што мерапрыемствы праходзілі ў адзін час, жадаючыя маглі пабываць толькі на адным мерапрыемстве.

Ганаровымі гасцямі роварнай акцыі былі Самака Самарасінха з сям’ёй, сталы прадстаўнік Праграмы развіцця Аб’яднаных Нацыяў у Беларусі, больш дзясятка дыпламатаў з сем’ямі, два міністры. Завяршылася акцыя ў садова-паркавым комплексе Радзівілкі.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара