На балоце Сэрвач на Глыбоччыне прайшоў фэст вяртлявай чаротаўкі



Фестываль вяртлявай чаротаўкі адбыўся на Глыбоччыне на балоце Сэрвач. Яно ўваходзіць у Рамсарскую водна-балотную сістэму і мае статус гідралагічнага заказніка.

Мерапрыемства ладзілі супрацоўнікі Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі па біярэсурсах, Глыбоцкага раённага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра і Глыбоцкага аддзела адукацыі. Імпрэза адбылася ў межах праекта „Стварэнне сеткі ключавых месцапражыванняў для забеспячэння доўгатэрміновага спрыяльнага ахоўнага статусу вяртлявай чаротаўкі ў Літве і Беларусі”.

Як кажа каардынатар праекта, кандыдат біялагічных навук Аляксандр Казулін, мэтай фестывалю было данясенне інфармацыі пра вяртлявую чаротаўку і нізіннае балота Сэрвач да мясцовых жыхароў.

– Калі на поўдні ўсе ўжо ведаюць вяртлявую чаротаўку. І ведаюць пра балота. Усе, усе вакол. І мясцовыя людзі, і школьнікі. То тут мы ніколі сваю работу не праводзілі. І крыўдна, калі ты прыязджаеш сюды, размаўляем, і ніхто не ведае, што тут вяртлявая чаротаўка жыве, што ганарацца трэба гэтым.

Падчас мерапрыемства ўдзельнікі наведалі балота Сэрвач ля вёскі Дзеркаўшчына, дзе паслухалі расповяд навуковых супрацоўнікаў пра гэта балота, птушку вяртлявую чаротаўку ды балотных насякомых. Потым адбылася экскурсія на аграсядзібу “У Міхалыча”, дзе быў арганізаваны квэст для дзяцей на веданне відаў мясцовых птушак.

Таксама ўсе наведвальнікі імпрэзы атрымалі інфармацыйную літаратуру па тэме фестывалю.

[Not a valid template]

Таццяна Смоткіна

Фота аўтаркі