На беларуска-літоўскай мяжы затрыманыя восем грамадзян Беларусі



Праваахоўныя органы высвятляюць матывы знаходжання васьмі грамадзян Беларусі ў раёне беларуска-літоўскай мяжы, паведаміў афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Антон Бычкоўскі.

Паводле інфармацыі Дзяржпагранкамітэта, на „зялёнай” мяжы з Літвой былі затрыманыя восем парушальнікаў заканадаўства. 27 чэрвеня за 200 метраў ад беларуска-літоўскай мяжы пагранічны нарад убачыў двух невядомых грамадзян. Заўважыўшы пагранічнікаў, яны паспрабавалі схавацца і пабеглі ў напрамку сумежнай тэрыторыі. На законныя патрабаванні спыніцца мужчыны не рэагавалі. Для недапушчэння незаконнага перасячэння мяжы была прымененая табельная зброя, і парушальнікі былі затрыманыя.

Праз некалькі гадзін недалёка ад мяжы ў ваколіцах населенага пункта Галавенчыцы былі выяўленыя два пакінутыя аўтамабілі. Было прынята рашэнне прадоўжыць правядзенне пошукавых мерапрыемстваў. Вынік — затрыманне яшчэ шасці парушальнікаў, якія спрабавалі незаконна перасекчы беларуска-літоўскую мяжу праз лес.

Усе затрыманыя аказаліся жыхарамі Гародні.

Цяпер у дачыненні да парушальнікаў працягваюцца праверачныя мерапрыемствы. Пачаты працэс па арт. 23.29 КоАП (замах на незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы), 23.30 КоАП (парушэнне памежнага рэжыму), 23.4 КоАП (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў).

БелаПАН