На беларуска-польскай мяжы затрыманы нелегал з Сенегала



Берасцейскія памежнікі 9 кастрычніка каля беларуска-польскай мяжы затрымалі мужчыну без дакументаў, якія сведчаць асобу, паведамляецца на сайце Дзяржпагранкамітэта.

Мужчына спрабаваў перасячы мяжу ў абход аўтадарожнага пункта пропуску „Брэст”. Устаноўлена, што ён з’яўляецца грамадзянінам Сенегала. Малады чалавек раней прыехаў па студэнцкай візе ў Расею, дзе планаваў вучыцца ў адной з аграрных ВНУ.

У Беларусь ён выехаў 1 кастрычніка, дабраўся да Менска, затым накіраваўся ў Берасце. Канчатковым пунктам яго падарожжа павінна была стаць Італія. Аднак паблізу мяжы яго заўважыў адзін з мясцовых жыхароў і паведаміў памежнікам.

Цяпер грамадзянін Сенегала змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання Берасцейскай памежнай групы. У дачыненні да яго пачаты адміністрацыйны працэс за ўчыненне правапарушэнняў, прадугледжаных арт. 23.29 (незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы), арт. 23.30 (парушэнне памежнага рэжыму), 23.55. (парушэнне правілаў знаходжання) КаАП Рэспублікі Беларусь.

Сенегальца чакае дэпартацыя з забаронай уезду на тэрыторыю Беларусі тэрмінам да 5 гадоў.

БелаПАН

Фота gpk.gov.by