На Берасцейшчыне адзначаюць Дзень маці



На Берасцейшчыне, у Столінскім раёне, аб’яўлены Тыдзень маці. Акцыя прымеркавана да Дня маці, які з 1996 года ў Беларусі адзначаецца 14 кастрычніка. У дамах культуры ды бібліятэках раёна падрыхтаваны святочныя канцэрты, сустрэчы, круглыя сталы, выставы. Супрацоўніца Берасцейскага абласнога метадычнага цэнтру Кацярына Смяховіч адзначае, што Берасцейшчына займае лідыруючае месца па колькасці шматдзетных сем’яў:

– У Берасцейскай вобласці жыве больш 14 тысяч шматдзетных маці. Вялікая лічба. І наогул Берасцейская вобласць займае першае месца па шматдзетным маці. У вобласці вельмі шануюцца такія жанчыны, якія сваё жыццё аддаюць мацярыству. То бок іх галоўныя прызначэнне – расціць і выхоўваць сваіх дзяцей. Ордэнам Маці у нас таксама ўзнагароджана жанчын больш, чым з іншых абласцей. Калі ў рэспубліцы Ордэн Маці з 1996 года атрымалі 7640 жанчын, дык у Берасцейскай вобласці 2281 жанчына.

У Беларусі Дзень маці адмыслова сумясцілі са святам Пакровы Прасвятой Багародзіцы. Сёння ва ўсіх гарадах і раёнах краіны адбудуцца ўрачыстыя мерапрыемствы з нагоды Дня маці.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя