На Берасцейшчыне больш за 200 чалавек праходзяць па крымінальных палітычна матываваных справах



Каля дзвух з паловай соцен чалавек – столькі на Берасцейчшыне з тых, хто праходзіць па крымінальных палітычна матываваных справах, будзе сустракаць зімовыя святы за кратамі. Пра гэта паведаміла праваабаронца спадарыня Ганна, якая не пажадала называць сваё прозвішча. Адзіны спосаб падтрымаць – гэта тэлефанаваць іх сем’ям і пісаць лісты ў месцы зняволення, – адзначыла яна:

„Можна спрабаваць паштоўкі, можна спрабаваць падтрымаць фінансава – дастаткова стандартныя сродкі падтрымкі людзей. На жаль сістэма такая, што практычна не дазваляе кантакты людзей, якія знаходзяцца ў няволі са знешнім светам, і зусім няшмат спосабаў, як падтрымліваць людзей”

Згодна апошніх звестак у берасцейскай вобласці палітвязнямі прызнана звыш 210 чалавек. Яшчэ некалькі дзесяткаў не маюць такога статуса, але праходзяць па крымінальных палітычна матываваных справах.

Беларускае Радыё Рацыя