На Берасцейшчыне колькасць патанулых узрасла ўдвая



Купальны сезон на Берасцейшчыне завяршаецца моцнымі дажджамі. Сёлетні сезон адзначыўся сумнай статыстыкай, у параўнанні з мінулым годам, амаль удвая ўзрасла колькасць загінулых на вадзе. На Берасцейшччыне патанула 34 чалавека, з якіх пяцёра дзяцей. Асноўныя прычыны трагедый – гэта ўжыванне алкаголю і пераацэнка фізічных здольнасцяў.

Самы трагічны выпадак з дзецьмі, які меў шырокі рэзанас, здарыўся на Піншчыне, узгадвае начальнік ратавальнай станцыі Аляксандр Каменеў:

– Дзяўчынка з сяброўкай пайшлі адпачыць разам з дзядуляй і бабуляй, дзяўчынкі пайшлі купацца. Дзядуля можа трохі не даглядзеў, адна дзяўчынка пачала тануць, другая пачала яе ратаваць, сяброўку выратавала, а сама патанула. Там яма, абрыў, абедзве дзяўчынкі не ўмелі плаваць хутчэй за ўсё, ці дрэннна плавалі, патрапіла ў абрыў. Купацца ў нас дазволена толькі на пляжы №1 – гэта насупраць парка, і на пляжы №2 – за мастом. Усе астатнія месцы з’яўляюцца забароненымі для купання, вада памылак не даруе.

Ратавальнікі працягваюць дзяжурствы ў месцах вызначаных для купання, бо грамадзяне працягваюць адпачываць каля вады да наступлення сапраўднага восеньскага надвор’я.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя