На Берасцейшчыне падсумавалі вынікі медычнага праекта



На Берасцейшчыне падсумоўваюць сёлетнія вынікі рэалізацыі медычнага праекта «Папярэдзь хваробу – абяры жыццё!». За год спецыялісты абласных устаноў аховы здароўя зладзілі 7 выездаў у раёны вобласці, каб на месцы абследаваць жыхароў. Апошні выязны прыём днямі адбыўся ў Кобрыне, на яго трапіла звыш 700 чалавек.

Асаблівым попытам карыстаюцца кансультацыі анколагаў і кардыёлагаў. Па словах аднаго з каардынатараў праекта Людмілы Мазоль, дадзеная практыка працягнецца і ў наступныя гады:

– Дзейнасць установаў аховы здароўя змяніла свой вектар, які зараз накіраваны на прафілактыку не інфекцыйных захворванняў. Бо ад не інфекцыйных захворванняў залежыць здароўе і жыццё нашага насельніцтва. Таму напрыканцы года будуць падведзеныя рэзультаты. І я так думаю, што гэтая акцыя будзе працягнутая.

Праект «Папярэдзь хваробу – абяры жыццё!» рэалізуецца на Берасцейшчыне другі год запар. За гэты перыяд у вобласці ў межах ініцыятывы абследаванне прайшло каля 15 тысяч чалавек. Ад гэтай колькасці 25% былі накіраваныя на стацыянарнае лячэнне і ў 70 выпадках пацвердзіўся анкалагічны дыягназ.

Беларускае Радыё Рацыя