На Берасцейшчыне плануюцца пікеты супраць „дэкрэта аб дармаедах”



Дваццаць шэсць заявак на пікеты супраць “дэкрэта аб дармаедстве” падалі сябры Берасцейскай абласной арганізацыі Аб’яднаная Грамадзянскай партыі разам з прадстаўнікамі партыі левых “Справядлівы свет”. Адпаведныя заяўкі яны накіравалі ў абласны выканаўчы камітэт.

«Мэта акцый — прыцягнуць ўвагу грамадства да праблемы прымусовай працы, незаконнага пераследу грамадзян без працы, дыскрымінацыі і антыканстытуцыйнага характару дэкрэта», — распавёў адзін з заяўнікаў Юры Шаламіцкі:

—  Гэта найбольш дзейная мірная форма выказвання пратэсту і свайго меркавання адносна неадэкватных і незаконных дзеянняў урада. Таму вось гэтая мера: выйсці да людзей і наўпрост пагаварыць з імі, наўпрост убачыць тых, хто на сабе і на сваяках адчуў гэта, і якія цалкам нязгодныя з дзеяннямі урада, — найбольш эфектыўная мера.

У кожным з пікетаў да ўдзелу заяўлена па дваццаць чалавек. Масавыя мерапрыемствы актывісты плануюць правесці 18 лютага.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце