На Берасцейшчыне працягваецца зачыстка інфармацыйнай прасторы



Зачыстка інфармацыйнай прасторы на Берасцейшчыне не спыняецца нават у святы. З Беларусі больш немагчыма адкрыць сайт „Першага рэгіёна”, а таксама вынесены прысуд за TikTok-ролікі.

Адразу ж пасля выдання „Інтэкс-прэс” у часе навагодніх святаў быў заблакаваны доступ да рэсурсу „Першы рэгіён”. Для таго, каб адчыніць старонку выдання, цяпер неабходна выкарыстоўваць VPN.

Адметна тое, што рэдакцыя Першага рэгіёна ніякіх папярэджанняў не атрымоўвала, а пра блакіроўку інтэрнэт-старонкі дазналася толькі па факту. Не выключана, што адсутнасць доступу да рэсурсу звязана з палітычным пераследаў журналістаў, якія для яго працавалі.

А берасцейскаму палітвязню Яўгену Пак вынесены прысуд у паўтары гады хіміі. Да таго ж блогер правёў паўтары месяцы ў СІЗА. Падстава – выкладзеныя ролікі ў TikTok, дзе згодна афіцыйнай версіі была публічная абраза беларускага прэзідэнта.

Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя