На Берасцейшчыне працягваецца знішчэнне незалежных медыя



На Берасцейшчыне працягваецца знішчэнне незалежных медыя. З апошняга – „Ганцавіцкаму часу” не працягнулі ўмову на друк, а сайт „Брэсцкай газеты” заблакавалі ў Беларусі.

Прыватная грамадска-палітычная газета „Ганцавіцкі час” пад пагрозай знікнення. Найперш у друкаваным варыянце. Рэдакцыя атрымала паведамленне ад берасцейскай друкарні, што друкаваць газету не будуць са студзеня 2022 года. Варта адзначыць, што цягам апошніх гадоў паслуга друку рэдакцыяй аплочвалася рэгулярна. З боку друкарні прычына адмовы не каментуецца.

Таксама стала вядома, што пракурор Берасцейскай вобласці вынес пастанову пра абмежаванне доступу да інтэрнет-рэсурсу b-g.bу. Падстава – парушэнне Закона Рэспублікі Беларусь „Аб сродках масавай інфармацыі”. Да таго ж выданне было прызнана экстрэмісцкім. На дадзены момант доступ да электроннай версіі „Брэсцкай газеты” абмежаваны з тэрыторыі Беларусі.

Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя.