На Берасцейшчыне расце спіс затрыманых за „масавыя беспарадкі”
Раман Гваздзелка, Юры Кузьміч, Максім Зіневіч, Віктар Панцелееў, Ігар Салавей, Алена Маўшук, Станіслаў Міхайлаў — і гэта далёка не поўны спіс асобаў, што знаходзяцца па палітычных матывах у СІЗА №6 і №7 на Берасцейшчыне. Пры гэтым кожны тыдзень дадаецца па некалькі новых прозвішчаў:
– Толькі па адной так званай „карагоднай справе” ў Берасцейскай вобласці абвінавачанымі праходзяць дзевятнаццаць асобаў, падазраванымі — трыццаць сем чалавек. Справа кваліфікуецца па артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь — актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушылі грамадскі парадак. Чакаецца, што ўжо на пачатку наступнага года пачнецца разгляд такой справы, таму колькасць палітзняволеных у рэгіёне можа значна вырасці.
Таксама Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь выявіла яшчэ аднаго ўдзельніка так званых „масавых беспарадкаў” у Берасці. Пакуль што не агалошваецца імя і прозвішча 24-гадовага грамадзяніна. Вядома, што ў адносінах да яго заведзеная справа па артыкуле 293 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.
Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
