На Берасцейшчыне вяртаюцца да падзей 1939



На Берасцейшчыне вяртаюцца да падзей восені 1939 года. З нагоды 75-х угодкаў уваходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь, абласны камітэт Камуністычнай партыі ладзіць круглыя сталы ды канферэнцыі.

Адна з іх адбылася ў Берасцейскім дзяржаўным педагагічным універсітэце. Арганізатары запрасілі не толькі гісторыкаў і даследчыкаў, але і студэнцкую моладзь, ды кажуць пра тыя падзеі як „вызвольны паход рабоча-сялянскай арміі”.

Гісторык Віктар Смірноў называе гэта „прапагандай кепскай якасці”:

 – Ёсць дакументы, яны ўжо апублікаваныя, раскрываюць задумы Сталіна. Ён хацеў, каб заходнія краіны як мага мацней аслабілі адна адну, і тады на штыках Чырвонай Арміі ў Еўропу будзе прынесена савецкая ўлада. Польшча ў адзіночку супраціўляцца Германіі не змагла. 17 верасня бачачы, што нямецкія войскі ўжо перайшлі на тую тэрыторыю, якая трапляе ў сферу ўплыву Савецкага Саюза, Сталін аддаў загад перайсці мяжу, пад Львовам, напрыклад, адбылося ўзброенае сутыкненне. Чырвоная Армія дзейнічала дастаткова рашуча для таго, каб адагнаць немцаў ад той тэрыторыі, якая адыходзіла пад сферу ўплыву Савецкага Саюза.

Сёлета, з нагоды 75-х угодкаў уваходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь, з боку кіраўніцтва краіны не прагучала аніякіх заяваў, як гэта было на 70-я ўгодкі. Тады нават планавалася ўвесці дзяржаўнае свята, але ад гэтай ідэі пазней адмовіліся.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]