На Берасцейшчыне з дома вяскоўца скралі 196 тыс. даляраў ЗША



З дома 45-гадовага жыхара вёскі Хатынічы Ганцавіцкага раёна выкрадзена буйная сума ў далярах ЗША.

Як паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УУС Берасцейскага аблвыканкама Сяргей Дучэнка, мужчына звярнуўся ў міліцыю 7 траўня каля пяці раніцы. Ён расказаў, што з 2.45 да 4.40 з яго дома выкрадзена 196 тыс. даляраў ЗША. У гэты час у доме нікога не было — ён з жонкай адправіўся да цешчы, якая жыве ў гэтай жа вёсцы. Яна патэлефанавала ім і паведаміла, што ў яе гарыць хлеў.

Калі мужчына і яго жонка вярнуліся дадому, яны ўбачылі, што пашкоджана адно з вокнаў і знікла валюта.

Паводле слоў Дучэнкі, вясковец аказвае паслугі фермерам пры правядзенні сельскагаспадарчых работ, а яго жонка — індывідуальны прадпрымальнік. Муж і жонка захоўвалі грошы дома ў шафе, у тым ліку за прададзеныя тры трактары і кватэру.

Ганцавіцкім раённым аддзелам Следчага камітэта распачата справа па ч. 4 арт. 205 КК (крадзеж у асабліва буйным памеры).