На Берасцейшчыне затрымліваюць проста грамадскіх актывістаў



Сілавыя структуры пачалі саджаць на суткі маладых людзей, якія не прымалі ўдзел у акцыях супраць Дэкрэта №3. Арыштоўваюць толькі за актыўную грамадскую пазіцыю. Так пасаджаны на трое сутак судом Лунінецкага раёна Сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандр Неўдах з Лунінца. Дзмітрый Сергіевіч з Пінска атрымаў ў Пінскім судзе 5 сутак, – кажа намеснік старшыні старшыні Берасцейскай абласной сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Валянцін Лазарэнкаў:

– Бяруць тых, каго ведаюць, бяруць актыўных, проста так, ні за што, каб яны не прысутнічалі ў тым масавых мерапрыемствах, якія плануцца і з дазволам, і без дазвола. Бо 25 сакавіка для беларусаў, якія лічаць, што яны тыясчагоддзямі на гэтай зямлі жылі, вялікае свята. Гэта атрыманне незалежнасці, сваёй тэрыторыі і сваёй рэспублікі.

Паводле Валянціна Лазарэнкава, затрымалі Неўдаха нібы як сведку аграблення дзяўчыны. А Сергіевіча – за абвестку ў інтэрнэце пра сход пінчукоў на плошчы горада 12 сакавіка. За якую ён ужо атрымаў пісьмовае папярэджанне ад пракуратуры Пінскага раёна.

На думку Лазарэнкава, нельга так абыходзіцца са сваімі  грамадзянамі, якія маюць канстытуцыйнае права на свабоду меркаванняў і выказванняў. Усе акцыі, якія ладзіла апазіцыя, былі мірнымі, калі туды не прыкладала ўлада сваю руку.

Беларускае Радыё Рацыя