На Берасцейшчыне збіраюць грошы для ўкраінскіх бежанцаў



20 ліпеня праваслаўныя святары аб’явілі падчас службаў, каб прыхаджане здалі грошы для ўкраінскіх бежанцаў, якія знаходзяцца ў Расеі.

Распавядаюць вернікі з прыходаў Берасцейскай вабласці:

– Бацюшка папрасіў здаць больш грошай, чым здаюць звычайна, каб аказаць дапамогу бежанцам, якія паехалі ў Расею з Украіны.

– Бацюшка выступіў і сказаў, калі мелі пачаць хадзіць са скарбонкай, каб дапамаглі, хто колькі можа. Ва Украіне пацярпелі храмы, а пра бежанцаў ён не прыгадваў.  

Святар праваслаўнага прыходу ў Тэўлях Аляксандр Панасюк сказаў, што благаславенне на збор грошай ва ўсіх праваслаўных храмах Беларусі атрымалі ад патрыярха Кірыла:

– Гэтым украінскім, гэтыя што ў Расею. Берасце ў Менск, а Менск у Маскву, а куды там, што. Павінны былі па ўсіх храмах аб’яўляць – гэта ўсё з бласлаўлення патрыярха, а куды менавіта пойдзе, для народа, для цэркваў, я не ведаю.

Паводле слоў некаторых вернікаў, прыхаджане прыходу ў Тэўлях не здавалі на гэта грошай. Сваё рашэнне тлумачылі тым, што калі б сродкі збіраліся для ўкраінскіх бежанцаў у Беларусі, тады была б іншая справа.

Беларускае Радыё Рацыя