На Данбасе загінуў беларускі добраахвотнік, актывіст „Плошчы-2006” Мікалай Ільін



13 ліпеня 2020 на Данбасе ад дзеянняў расейскіх акупантаў загінуў беларускі добраахвотнік, баявы медык Мікалай Ільін. Свае жыццё ён прысвяціў барацьбе за ідэалы свабоды, гонару і годнасці. Быў сябрам «Маладога Фронту», адным з лідараў магілёўскай філіі руху «Зубр».

Фота: censor.net

Падчас спробы эвакуяваць цела загінулага ўкраінскага выведніка і параненага вайскоўца непадалёк сяла 13 ліпеня 2020 году быў забіты беларускі добраахвотнік, вайсковы медык Мікалай Ільін. Беларускі Герой служыў у 35-й асобнай брыгадзе марской пяхоты Узброеных сілаў Украіны (в/ч А0216, пункт базавання – с. Дачнае, Адэская вобл.), меў пазыўны «Эстонец».

Мікола Ільін быў актывістам «Маладога Фронту», адным з лідараў магілёўскай філіі «Зубра». Неаднаразова затрымліваўся, зазнаў судовы пераслед. Падчас падзеяў «Плошчы-2006» быў моцна збіты міліцыянтамі. У выніку збіцця страціў прытомнасць, быў шпіталізаваны. Праз пераслед за ўдзел у сакавіцкіх падзеях 2006 году быў вымушаны пакінуць Беларусь.

Пасля адмовы ў наданні палітычнага прытулку ва Украіне выехаў у Эстонію, дзе навучаўся і атрымаў грамадзянства. Пасля пачатку Расейскай Федэрацыяй баявых дзеянняў супраць Украіны, вырашыў стаць добраахвотнікам і дапамагчы спыніць расейскую ваенную агрэсію. Ва Украіне жыў у г. Белая Царква, дзе меў узяць шлюб.

Скончыў курсы баявых медыкаў паводле стандартаў NATO у 205-м навучальным цэнтры тактычнай медыцыны пад кіраўніцтвам канадскіх інструктараў (н.п. Дзясна Чарнігаўскай вобл).

Паводле інфармацыі прэс-цэнтру Аперацыі аб’яднаных сілаў, 13 ліпеня 2020 году ў выніку дасягнутае дамоўленасці з супраціўнікам эвакуацыйная група мелася забраць цела ўкраінскага вайскоўца. Жаўнер загінуў у шэрай зоне непадалёк сяла Зайцава (Бахмуцкі раён Данецкай вобл.) у гэты ж дзень з-за падрыву на невядомым выбуховым прыстасаванні.

Дзеянні былі ўзгодненыя з прадстаўнікамі АБСЕ і СЦКК. Пасля таго, як украінская эвакуацыйная група з трох чалавек, сярод якіх быў Мікалай Ільін, атрымала пацверджанне рэжыму «Цішыня», яна рушыла па цела загінулага жаўнера. Усе чальцы групы мелі белыя шаломы з распазнавальнымі знакамі. Калі да загінулага ўкраінскага вайскоўца заставалася літаральна некалькі метраў, расейскія акупанты адкрылі агонь на паражэнне з гранатамётаў розных сістэмаў і буйнакаліберных кулямётаў. Адзін вайсковец быў паранены, а яшчэ адзін атрымаў баявое траўмаванне. Падчас спробы эвакуяваць цела параненага вайскоўца Мікола Ільін быў смяротна паранены.

informnapalm.org