На Гарадзеншчыне арнітолагі назіралі снежнага падарожніка



Упершыню ў гісторыі зімовых назіранняў за птушкамі гарадзенскія арнітолагі адзначылі на Гарадзеншчыне паміж вёскамі Лаша і Індура снежнага падарожніка (Calcarius lapponicus).

calcarius

Па словах рэдактара сайта „Птушкі штодня” Змітра Вінчэўскага, такая птушка незвычайная для Беларусі.

– Птушка адметная тым, што яна жыве ў тундры, дзе няма ні дрэваў, ні кустоў. І таму яна не скача, як большасць нашых надрэўных птушак, хоць і вельмі падобная на вераб’я, а вельмі хутка бегае па зямлі, або снегу. І харчуецца пустазеллем, ці больш дакладна – насеннем пустазелля. Таму нашая задача, калі ёсць магчымасць, не знішчаць гэтыя пусткі, узбочыны дарог, таму што яны вельмі прыдатныя для птушак, які прылятаюць да нас ажно з тундры.

Па словах Змітра Вінчэўскага, верагодней за ўсё гэтыя птушкі прыляцелі да нас з Грэнландыі альбо з поўначы Скандынавіі.

Беларускае Радыё Рацыя