На Гарадзеншчыне лясных пажараў на гэты час няма



Моцных пажараў у Гарадзенскай вобласці па стане на сёння няма, паведамілі ў Гарадзенскім абласным упраўленні па надзвычайных сітуацыях.

Супрацоўнікі МНС ліквідуюць дробныя ачагі ўзгарання. Па-ранейшаму ў сувязі з умовамі надвор’я дзейнічае забарона на наведванне лясоў.

– На гэты момант ніякіх пажараў у вобласці няма. Не тое, што яны лакалізаваныя, а ўсе ліквідаваныя. Пажар, які адбыўся на полігоне «Гожскі», ліквідаваны яшчэ ў сераду. У 23.57 была ліквідацыя. Забарону наведвання лясоў ўводзіць Міністэрства лясной гаспадаркі і мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы. У Гарадзенскай вобласці забарона ўведзена ў 11 раёнах. Уведзена не таму, што там адбыліся пажары, а ў сувязі з небяспечна сухім надвор’ем. Час забароны вызначае не МНС, а вызначае лясная гаспадарка. Пра сітуацыю вы можаце глядзець інтэрактыўную мапу на нашым сайце.

Нагадаем, што інфармацыя аб гарэнні сухой расліннасці і рэдкалессі на палігоне «Гожскі» ў цэнтр аператыўнага ўпраўлення абласнога МНС паступіла ў сераду ў абед. Калі на месца прыбылі ратавальнікі, лес гарэў ужо па абодва бакі аўтамабільнай трасы Гародня-Гожа-мяжа Літоўскай Рэспублікі. Месцамі назіраўся верхавы пажар, які распаўсюджваўся ў бок дзяржаўнай мяжы. Быў зачынены пункт пропуску на беларуска-літоўскай мяжы «Прывалка». Урон, нанесены лясному фонду, пакуль ацэньваецца спецыялістамі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота БелТА